Раздзел 5. Фразеаграфія

 

Фразеаграфія – гэта лінгвістычная навука, якая займаецца тэорыяй і практыкай апісання і сістэматызацыі ўстойлівых выразаў (фразеалагізмаў) і складаннем фразеалагічных слоўнікаў. Яна ўключае ў сябе распрацоўку метадалогіі і прыёмаў збору і парадкавання фразеалагічныя матэрыялу, падобна таму, як лексікаграфія збірае і сістэматызуе слоўнікавы матэрыял. Асноўныя задачы фразеаграфіі:

Слоўнікі, якія апісваюць розныя тыпы ўстойлівых словазлучэнняў і выразаў, адносяцца да ліку лексікаграфічных выданняў, якія актыўна развіваюцца. Цікавасць да слоўнікаў ідыёматыкі тлумачыцца і значным узбагачэннем фразеалогіі ў апошнія два дзесяцігоддзі, і вялікім культурным патэнцыялам устойлівых адзінак, і займальнасцю іх паходжання для карыстальнікаў – носьбітаў нацыянальнай мовы. Розныя тыпы слоўнікаў ідыяматыкі адлюстроўваюць розныя падыходы да фразеалогіі (шырокае і вузкае яе разуменне). Яны істотна адрозніваюцца па ступені ўстойлівасці апісаных у іх адзінак. Паміж уласна фразеалагічныя слоўнікамі, слоўнікамі прыказак і прымавак, слоўнікамі крылатых слоў існуе арганічная сувязь, зоны перасячэнняў і пераходаў.

І.Я. Лепешаў вылучае наступныя тыпы фразеалагічных слоўнікаў беларускай мовы: “Фразеалагічны слоўнік –  гэта тып лінгвістычнага слоўніка, у якім сабраны і апісаны фразеалагізмы. Фразеалагічныя слоўнікі бываюць аднамоўныя і перакладныя (двухмоўныя ці, радзей, шматмоўныя). Сярод аднамоўных адрозніваюць паводле іх прызначэння тлумачальныя, этымалагічныя, слоўнікі фразеалагічных сінонімаў, слоўнікі фразеалагічных антонімаў. Паводле крыніц матэрыялу бываюць фразеалагічныя слоўнікі літаратурнай мовы, народнай мовы і асобных гаворак.

Першы ў гісторыі беларускай фразеаграфіі тлумачальны фразеалагічны слоўнік – слоўнік Ф. М. Янкоўскага «Беларуская фразеалогія: Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне» (1968).  Ен створаны на матэрыяле народнай мовы. Уключае больш за 1000 слоўнікавых  артыкулаў (без адсылачных). Пераважная большасць апісаных фразеалагізмаў з'яўляецца агульнай для літаратурнай і народнай мовы.

Слоўнікавы артыкул апрача загалоўка складаецца з тлумачальнай часткі і ілюстрацыйных прыкладаў. Зрэдку выкарыстоўваюцца стылістычныя (экспрэсіўна-ацэначныя) паметы. Калі фразеалагізм мае абмежаванні ў граматычнай спалучальнасці са словамі, паказваецца яго сувязь з кантэкстам (даваць перуноў кам у)  У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваюцца аўтарскія запісы,  зробленыя амаль ва ўсіх раёнах рэспублікі, а таксама дарэвалюцыйныя тэксты жывой народнай мовы (зборнікі Е. Раманава, 3. Радчанкі, А. Сержпутоўскага, М. Федароўскага і інш.).

Другі фразеалагічны слоўнік, таксама складзены на матэрыяле бела рускай народнай мовы, –  «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Е.С. Мяцельскай і Я. М. Камароўскага  (1972). У слоўніку 2015 артыкулаў  (разам з 721 адсылкай). Структура слоўнікавых артыкулаў такая ж,  як і ў слоўніку Ф. М. Янкоўскага.  Ілюстрацыі прыводзяцца толькі з народнай мовы, запісанай аўтарамі ў Стаўбцоўскім, Слуцкім і іншых раёнах. Сярод фразеалагізмаў, апісаных у слоўніку, найбольшую цікавасць для фразеалогіі як навукі маюць каля 200 дыялектных выразаў, якія раней не публікаваліся (зжыўшы лета ды ў маліны, грабніцай пахнуць і інш.) або чым-небудзь адрозніваюцца ад агульнамоўных (літаратурны пусціцца ў сабачую скуру і дыялектны адзецца ў сабачую шкуру).

На матэрыяле гаворкі Мсціслаўшчыны створаны 3 выпускі тлума чальнага фразеалагічнага слоўніка Г. Ф. Юрчанкі: «І коціцца і валіцца»  (1972), «I сячэ і паліць» (1974),  «Слова за слова» (1977). Гэта першы адносна поўны слоўнік фразеалагізмаў адной гаворкі (Чырванагорскі сельсавет Мсціслаўскага раёна). Тут толькі ў загалоўкі вынесена 4425 фразеалагізмаў, а разам з варыянтамі i дэрывацыйнымі ўтварэннямі іх каля 18 тысяч. Сярод іх нямала фразеалагізмаў, якія да гэтага не фіксаваліся і не былі ў навуковым і літаратурным ужытку (і коціцца і валіцца, загвоздка ў калёсы, снаваць кросны і інш.). Слоўнікавы артыкул складаецца з такіх жа частак, як і ў слоўніку Ф. М. Янкоўскага. Толькі для дзеяслоўных фразеалагізмаў аўтар распрацаваў іншы спосаб падачы і тлумачэння. Як асаблівасць ужывання гэтых фразеалагізмаў у народнай мове паказваецца разнастайнасць і багацце іх прыставачных утварэнняў. Усе дэрывацыйныя разнавіднасці дзеяслоўнага кампанента прыводзяцца ў адным артыкуле, у загаловак якога выносіцца фразеалагізм з дзеясловам незакончанага трывання. У некаторых выпадках прыводзіцца этымалагічная даведка, а таксама даюцца граматычныя, лексіка-семантычныя, стылістычныя (асудж., груб., гумар., зніж., кніжн.) і часавыя (неалаг., уст.) паметы.

Ад папярэдніх фразеалагічных слоўнікаў адрозніваецца праца I. Я. Лепешава «3 народнай фразеалогіі:  Дыферэнцыяльны слоўнік» (1991). Ен таксама складзены на матэрыяле народнай мовы, але ўключае толькі тыя выразы, якія не апісваліся ні ў нарматыўных слоўніках беларускай літаратурнай мовы, ні ў даведніках беларускай народна-дыялектнай фразеалогіі. Кожны фразеалагізм (іх каля 700) атрымлівае семантычную,  граматычную, а таксама (калі яна пастаянная) экспрэсіўна-ацэначную характарыстыку. Так, пра фразеалагізм ад зубоў адскоквае (адлятае)  у каго даюцца такія звесткі: «Цяп., пр., буд. склад.; адз. і мн. Адабр.  Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета. Выдатна, жвава, энергічна, з добрым веданнем справы расказваецца, вымаўляецца». Пашпартызаваныя ілюстрацыі паказваюць, у якім раёне ці раёнах пераважна Гродзенскай і Віцебскай абласцей занатаваны той ці іншы выраз, і даюць пэўнае ўяўленне аб функцыяніраванні фразеалагізма ў маўленні. Састаўным кампанентам некаторых слоўнікавых артыкулаў (каля 80) выступае кароткая этымалагічная даведка. У многіх выпадках у канцы слоўнікавага артыкула даецца памета «параўн.»  і далей ідзе супастаўленне загаловачнага фразеалагізма з яго літаратурным адпаведнікам ці з выразам, зафіксаваным у іншых фразеалагічных працах, зборніках, у творах асобных пісьменнікаў, старажытных тэкстах, суседняй славянскай мове і г.д.

«Фразеалагічны слоўнік: Для сярэдняй школы» Н. В. Гаўрош, I. Я. Лепешава, Ф.M. Янкоўскага  (1973)  – першы тлумачальны фразеалагічны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. У ім апісваецца 1339 фразеалагізмаў. Іх адбор абумоўлены задачамі навучання: у даведнік уключаны фразеалагізмы, якія сустракаюцца ў мастацкіх тэкстах, што вывучаюцца ў школе ці рэкамендуюцца для пазакласнага чытання. Кожны фразеалагізм тлумачыцца словазлучэннем або асобным словам, на літаратурных прыкладах паказваецца яго ўжыванне ў мове. Напрыклад, слоўнікавы артыкул даць гарбуз каму складаецца з тлумачальнай часткі  («Адмовіць таму, хто сватаецца») і ілюстрацыі з рамана I. Мележа «Людзі на балоце». Да некаторых фразеалагізмаў даецца стылістычная памета (адценне асуджэння, дакору,  непашаны і інш.).

«Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» I. Я. Лепешава (т. 1-2, 1993) – першая спроба стварыць тлумачальны фразеалагічны слоўнік,  у якім выяўлена і па магчымасці поўна апісана фразеалогія ў яе сучасным стане. Па адборы матэрыялу i яго граматычнай і стылістычнай ацэнцы гэта нарматыўны слоўнік фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У ім даецца лексікаграфічнае апісанне каля 6000 фразеалагізмаў, кожны з якіх атрымлівае семантычную, граматычную і стылістычную характарыстыку. У слоўніку адлюстраваны сінанімічныя і антанімічныя сувязі фразеалагізма.

Умовы граматычнага функцыяніравання фразеалагічнай адзінкі адлюстроўваюцца паказам яе парадыгматычных асаблівасцей, сінтаксічнай функцыі ў сказе, а таксама граматычнай і лексічнай спалучальнасці са словамі свабоднага ўжывання.

У «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» I. Я. Лепешава раскрываецца паходжанне каля 1400 фразеалагізмаў беларускай літаратурнай мовы. Слоўнікавы артыкул складаецца з наступных частак: загаловачнага фразеалагізма, яго агульнай характарыстыкі паводле паходжання, тлумачэння сэнсу фразеалагізма, этымалагічнай даведкі.

Двухмоўныя (перакладныя) фразеалагічныя слоўнікі: «Англа-беларускі слоўнік фразеалагізмаў параўнальнага тыпу» Л. Д. Корсак і Л.С. Марціновіч (1984) і «Руска-беларускі фразеалагічны слоўнік: Для сярэдняй школы» I. А. Кісялёва (1991). Другі з  гэтых слоўнікаў адначасова і перакладны, i тлумачальны. У ім пасля пастаўленага ў загаловак рускага фразеалагізма даецца яго тлумачэнне, а затым прыводзіцца беларускі адпаведнік ці адпаведнікі. Пасля ідуць ілюстрацыйныя цытаты: адна зрускіх, другая з беларускіх літаратурных крыніц”  [3, с. 590–593].

“Парэміяграфія займаецца запісам,  збіраннем і публікацыяй прыказак.

 Беларускія прыказкі запісваліся і выдаваліся шматлікімі
збіральнікамі вуснай народнай творчасці пачынаючы з 1840 г., калі А.Рыпінскі апублікаваў 50 прыказак у кнізе «Беларусь», выдадзенай у Парыжы. У ХІХ ст. апублікавалі зборнікі прыказак ці падборкі ў зборніках Я.Чачот, Я.Тышкевіч, В.Дыбоўскі, Е.Раманаў, П.Шэйн, І.Насовіч, Я.Ляцкі, М.Нікіфароўскі і інш. Запісы прыказак і іх публікацыя працягваліся і ў далейшым, працягваюцца і ў наш час  (працы М.Федароўскага, Ф.Янкоўскага, Т.Сцяшковіч, Я.Рапановіча і інш.). На аснове ўсіх папярэдніх выданняў быў створаны акадэмічны навуковы сістэматызаваны звод «Прыказкі і прымаўкі» ў дзвюх кнігах  (Мінск, 1976). У ім больш за 12 тысяч пры казак, згрупаваных у раздзелы  «па асноўных сферах жыцця і быту народа».

У гісторыі збірання і тэарэтычнага асэнсавання прыказак самай значнай з’явай ХІХ ст. стаў «Зборнік беларускіх прыказак» І.І.Насовіча (СПб., 1874). У адрозненне ад іншых фалькларыстаў (Я.Ляцкага, А.Сержпутоўскага, М.Федароўскага і інш.), І.І.Насовіч не проста падае ў алфавітнай паслядоўнасці сабраныя ім прыказкі, але і раскрывае сэнс амаль кожнай з іх. Таму яго працу слушна лічаць першым у гісторыі ўсходнеславянскай філалогіі тлумачальным слоўнікам прыказак. Тут змешчана 3 715 прыказак і прымавак (апошнія – фактычна фразеалагізмы). Амаль усе яны атрымалі сэнсавую або сітуацыйную, а таксама стылістычную характарыстыку. Па сутнасці, гэта ўжо не столькі фальклорны зборнік, колькі мовазнаўчая  праца, бо ў ёй прыказкі разглядаюцца як моўныя адзінкі.

У 1996 г. выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» быў апублікаваны «Слоўнік беларускіх прыказак» І.Я.Лепешава і М.А.Якалцэвіч. У ім апісана 954 прыказкі. А ў 2002 г. гэты слоўнік, у дапоўненым і папраўленым выглядзе, пабачыў свет у выдавецтве  «Беларуская навука». У ім змешчана 1485 прыказак. У 2006 г. выдавецтва «Беларуская асацыяцыя «Конкурс» перавыдала гэты слоўнік, дапоўнены многімі раней не апісанымі прыказкамі, новым, дадатковым ілюстрацыйным матэрыялам, даведачнай часткай да шмат якіх слоўнікавых артыкулаў. У ім 1629 прыказак, зафіксаваных у пісьмовых літаратурных крыніцах (мастацкіх, публіцыстычных і часткова навуковых творах).

Тлумачальны слоўнік «Прыказкі і прымаўкі» А.Аксамітава (Мінск, 2000) змяшчае каля 3500 прыказак, «пачэрпнутых з рукапісных фондаў.., што захоўваюцца ў архівах Вільнюса, Кракава, Лондана, Мінска і Санкт-Пецярбурга, а таксама з рэдкіх публікацый, па тых ці іншых прычынах не ўлічаных у найбольш поўных акадэмічных выданнях «Прыказкі і прымаўкі», кн. 1, 2 (Мінск, 1976) і «Выслоўі» (Мінск, 1979)» [2, с. 5]. Сапраўды, гэтыя рэдкія публікацыі і парэмійны матэрыял з архіваў не былі ў свой час вядомыя складальнікам памянёных акадэмічных выданняў, таму ў іх і няма адпаведных спасылак на гэтыя рукапісныя фонды і рэдкія публікацыі. А што да саміх прыказак, пададзеных у слоўніку А.Аксамітава, то абсалютная іх большасць фіксуецца і ў названых акадэмічных выданнях, толькі часам з нязначнымі арфаграфічнымі ці іншымі адрозненнямі. Параўн., напрыклад, услоўніку А.Аксамітава і ў акадэмічным зводзе: Абіцанка-цацанка, дурному рад асьць – Абяцанка-цацанка, а дурному рад сць; Госьць –нявольнік – Госць – нявольнік; Граз а ў лесе няйдзе – Граз а ў лес не йдзець (у іншых даведніках: Граз а ў лес не ідзе).

Двухмоўны (перакладны) даведнік – «Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем» З.Санько (Мінск,  1991). Слоўнік складаецца з дзвюх частак. У адной перакладаюцца
прыказкі (іх 478), а ў другой – фразеалагізмы (іх 871). У канцы слоўніка змяшчаюцца ў алфавітным парадку «Беларускія адпаведнікі, скарыстаныя ў слоўніку». Зрэдку аўтар прыводзіць больш дакладныя эквіваленты асобных прыказак, чым гэта давалася ў «Руска-беларускім слоўніку»[5, с. 120].

Сучаснымі беларускімі даследчыкамі складаюцца слоўнікі афарызмаў: Леванюк, А. Я. “Майстры кажуць… Беларускія літаратурныя афарыстычныя выслоўі”, Гаўрош, Н. В., Нямковіч Н.М.  “Афарыстычныя выслоўі беларускіх пісьменнікаў”, Леванюк, А. Я. “Пацеркі жыццёвай мудрасці : слоўнікбеларус. літ. Афарызмаў”, Іваноў Я. Я. “Крылатыя выразы ў беларускай мове : тлумачальны слоўнік” і іншыя.

У 2024 годзе выйшаў ілюстраваны вучэбны слоўнік “Тады падымаецца крона, калі беражэш карані…”, складзены на аснове матэрыялаў, з якімі студэнты філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім праекце “100 ідэй для Беларусі” ў 2023 і 2024 гадах. Слоўнік уключае тэарэтычныя звесткі па афарыстыцы. Выслоўі (650 адзінак) спарадкаваны ў тэматычныя рубрыкі. Дадаюцца ілюстрацыі да афарызмаў кожнай рубрыкі – фотаздымкі  студэнтаў філалагічнага факультэта, малюнкі вучняў нядзельнай школы праваслаўнага прыходу Брацкага храма ў гонар Свяціцеля Цудатворца Мікалая г. Брэста, малюнкі выхаванцаў Брэсцкага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.